Беларуская Служба

У Іспаніі праходзяць парламенцкія выбары

23.07.2023 09:43
Галасаванне праходзіць у больш чым 20 тысячах выбарчых ўчастках у краіне з насельніцтвам 47 мільёнаў чалавек.
Ілюстрацыйны здымакEPA/FERNANDO VILLAR Dostawca: PAP/EPA

А 20.00, калі скончыцца галасаванне, іспанцы абяруць на чатырохгадовы тэрмін 350 дэпутатаў Кангрэса дэпутатаў, ніжняй палаты парламента, а таксама 208 сенатараў. Астатніх 57 членаў Сената пазней выберуць парламенты аўтаномных абшчын.

Паводле звестак дзяржаўнай выбарчай камісіі Іспаніі, у нядзелю прагаласаваць могуць 37,5 мільёна чалавек, з якіх 1,6 мільёна маюць магчымасць прагаласаваць упершыню.

Канцылярыя, адказная за галасаванне, абвясціла, што рэкордная колькасць іспанцаў - 2,47 мільёна, ужо прагаласавала завочна.

Сярод 75 палітычных партый і выбарчых блокаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, амаль палова складаюць невялікія мясцовыя фармаванні.

Нядзельнае галасаванне праходзіць у звязку з рашэннем прэм'ер-міністра Педра Санчэса, які пасля паразы кіруючых сацыялістаў з PSOE на травеньскіх выбарах у рэгіянальныя і мясцовыя органы ўлады распусціў Генеральныя картэсы.

Абвяшчаючы датэрміновыя парламенцкія выбары, лідар Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі заявіў, што хоча даць грамадзянам магчымасць выказаць сваё меркаванне пра сітуацыю ў краіне.

Паводле апошніх апытанняў, фаварытам нядзельнага галасавання з'яўляецца правацэнтрысцкая Народная партыя (НП) на чале з Альберта Нуньесам Фейхоо. Паводле даследавання Sigma Dos, НП могуць падтрымаць 35% выбарцаў, а PSOE - 28%.

PAP